ПРЭЗІДЭ́НЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
адзін з 2 асн. (разам з парламенцкай рэспублікай) відаў рэспубліканскага дзярж. ладу. Характарызуецца захаваннем прынцыпу падзелу ўлад, канцэнтрацыяй у руках прэзідэнта паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы і кіраўніка ўрада, пазапарламенцкім выбраннем прэзідэнта. Ўрад фарміруецца прэзідэнтам незалежна ад раскладу сіл у парламенце. Прэзідэнт не мае права распускаць парламент. У класічнай П.р. (ЗША, Мексіка, Бразілія, Калумбія, многія інш. лац.-амер. і афр. краіны) вышэйшыя органы ўлады (прэзідэнт, парламент, вярх. суд) незалежныя адзін ад аднаго і маюць магчымасць рэальна ўздзейнічаць адзін на аднаго (сістэма «стрымак і супрацьвагаў»). Да П.р., за выключэннем некат. фармальных адрозненняў (наяўнасць прэм’ер-міністра, права прэзідэнта распускаць парламент), блізкія паліт. сістэмы Рас. Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Змешаныя, з рысамі парламенцкай і прэзідэнцкай рэспублікі, паліт. сістэмы (т.зв. паўпрэзідэнцкая рэспубліка) маюць Францыя, Чэхія, Польшча, Балгарыя, Украіна, Літва і многія інш. дзяржавы.
т. 13, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)